Лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва прызналі палітвязнем



У спіс палітвязняў у Беларусі праваабаронцы дадалі шэсць прозвішчаў. Гэта — Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч і Андрэй Аўсіевіч. Агулам палітвязняў у нашай краіне цяпер 933. Праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Кастусёў знаходзіцца за кратамі з красавіка. Яго вінавацяць у „спробе дзяржаўнага перавароту”. У зняволенні ў палітыка пагоршыўся стан здароўя — у яго анкалагічнае захворванне. Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Праваабаронцы звяртаюць увагу, што „акалічнасці справы, узрост, стан здароўя” Кастусёва „сведчаць аб адсутнасці згаданых вышэй неабходных падставаў для ўтрымання пад вартай на працягу доўгага часу”.