Лідары БНК сустрэліся з гарадзенцамі



У Гародні 7-га ліпеня адбылася сустрэча з лідарамі Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалаем Статкевічам і Вячаславам Сіўчыкам.

Паразмаўляць з палітыкамі прыйшло каля трох дзясяткаў актывістаў. Кажа арганізатар сустрэчы, актывіст БХД Сяргей Верамеенка:

– Яна разлічана не толькі на сябраў нейкіх палітычных партый, але і проста на звычайных людзей. Мы бачым, што людзі проста прыходзілі пагаварыць, у тым ліку і на нейкія не палітычныя тэмы. Мы бачым, што мы ўжо прызвычайваемся да гэтай дыктатуры і часам нам палітыка надакучвае, нават самім палітыкам. Трэба больш глядзець на грамадства, трэба больш разумець грамадства, бо ў грамадстве вельмі многа праблем.  

Падобныя сустрэчы паказваюць, што палітычнае жыццё існуе не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, адзначыў палітык Вячаслаў Сіўчык:

– Палітычнае жыццё ў Беларусі вельмі абмежаванае дзікунскім рэжымам, які ёсць. Гэтыя сустрэчы шмат што даюць, бо нават тыя пытанні, якія задаюць людзі, яны паказваюць тыя настроі, якія ёсць у рэгіёнах, у тым ліку ў такім важным для Беларусі горадзе, як Гародня. Нам трэба імкнуцца да таго, каб працэсы ішлі не толькі ў Менску.

Сустрэча цягнулася амаль тры гадзіны. На словах палітыкаў, падобныя спатканні будуць працягвацца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня