Ліфты новага пакалення „размаўляюць” па-беларуску
У доме № 79 па вуліцы Тухачэўскага ў Лідзе ўстанавілі новыя ліфты, якія паслухмяна дастаўляюць пасажыраў на зададзеную вышыню.

Кабіны сучасныя, вытворчасці „Магілёўліфтмаша”, абсталяваны відэакамерамі, а таксама сістэмай „фотошторы” – сістэмай абароны ад зашчамлення, дзякуючы якой пры наяўнасці ў праёме пабочнага прадмета дзвярэй застаюцца адкрытымі. У машынах новага пакалення ўсталяваны датчыкі нагрузкі, якія аўтаматычна ўзважваюць пасажыраў, і ў выпадку перавышэння грузападымальнасці, ліфт не кранецца з месца.
А яшчэ сучасныя кабіны „гавораць” па-беларуску, аб’яўляючы жыхарам і іх гасцям паверх дастаўкі. Тэрмін эксплуатацыі такіх ліфтоў 30 гадоў.
Дарэчы, Лідскі ўчастак ААТ „Гродна-ліфт” абслугоўвае шэсць раёнаў Гарадзенскай вобласці. Толькі ў Лідзе гэта амаль 350 ліфтаў. На наступны год у Лідзе запланавана замена яшчэ сямі ліфтаў, якія адслужылі 25-гадовы тэрмін службы. А новыя ліфты будуць вазіць лідчан і радаваць іх беларускімі словамі.

Беларускае Радыё Рацыя
