Ліквідацыя чарговай арганізацыі карэнных народаў Расеі



Вынікі еўрапейскага саміту з замежжа. Ліквідацыя чарговай арганізацыі карэнных народаў Расеі. У Вугоршчыне працягваецца ціск на незалежныя СМІ. Якія тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.

Праз чатыры дні і ночы разладаў, знясіленыя лідары Еўрапейскага Звязу нарэшце заключылі пагадненне аб беспрэцэдэнтным бюджэце ў 1,8 трлн еўра і фондзе аднаўлення пасля каронавіруса. Такія вынікі саміту, які стаў найдаўжэйшым з 2000 года, калі ён праходзіў у французскай Ніцы, піша канадскае выданне The Star. „Надзвычайныя падзеі, а гэта пандэмія, якая дацягнулася да ўсіх нас, таксама патрабуюць надзвычайных метадаў”, — сказала нямецкая канцлер Ангела Мэркель. Каб супрацьстаяць самай вялікай рэцэсіі ў сваёй гісторыі, Еўразвяз стварае каронавірусны фонд у 750 мільярдаў еўра, часткова заснаваны на агульных запазычаннях, якія будуць накіраваны ў якасці пазык і грантаў найбольш пацярпелым краінам. „Наступствы будуць гістарычнымі”, — заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. „Мы стварылі магчымасць узяць крэдыты ўсім разам, стварыць фонд аднаўлення ў духу салідарнасці”. Гэтыя словы гучаць як адчуванне сумеснага доўгу, якое было б нерэальным яшчэ не так даўно, робіць выснову газета. Мэркель і Макрон як лідары вядучых краін Еўропы, спрабавалі прывесці да адзінага назоўніка намаганні ўсіх краін, але нават гэта не перашкодзіла ім разыграць і ўласныя карты. Спачатку Мэркель і Макрон хацелі, каб субсідыі склалі 500 мільярдаў еўра, але пяць заможных паўночных дзяржаў на чале з Нідэрландамі хацелі скараціць суму і ўвязаць яе з жорсткімі ўмовамі эканамічных рэформаў. Гэтая лічба была зніжана да 390 мільярдаў еўра, у той час як пяць краін атрымалі таксама гарантыі рэформаў. У рэпартажы з саміту The Star спыняецца і на Польшчы з Вугоршчынай. Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ менавіта іх найперш меў на ўвазе, гаворачы пра рэформы. Ён з паплечнікамі хацелі б устанавіць сувязь паміж раздачай сродкаў і вяршэнствам закона. Кіраўніцтву Еўразвязу не падабаецца, што афіцыйныя Варшава і Будапешт, дзе кіруюць правыя, адыходзяць, на думку Брусэля, ад дэмакратычнага кіравання. У сваім заключэнні Рада Еўропы падкрэсліла „важнасць вяршэнства закона” і заявіла, што створыць сістэму абумоўленасці, накіраваную на тое, каб не даць дзяржавам-членам атрымліваць субсідыі з бюджэту і фонду аднаўлення, калі яны не выконваюць прынцыпаў Еўразвязу. Таму варта думаць, цяпер афіцыйны Брусэль яшчэ больш узмоцніць ціск на Польшчу ў сувязі з магчымымі судовымі пераўтварэннямі.

Канадская газета The Star піша, што Віктар Орбан успрыняў дамоўленасць 27 краін Еўразвязу не як кампраміс, а як перамогу. Ён заявіў, што ўдалося не толькі дамовіцца па грошах, а яшчэ  нацыям удалося паказаць свой гонар і абараніць сябе. У той жа час галоўны рэдактар найбуйнейшага незалежнага медыя-сродку Вугоршчыны Index Сабалч Дул піша пра небяспеку знікнення свайго выдання. Журналіст адзначае, што супрацоўнікі два гады таму выступілі аднагалосна, заявіўшы, што ёсць дзве асноўныя перадумовы для  далейшай працы: незалежнасць рэдакцыі Index і адсутнасць знешняга ўмяшання ў кадравыя рашэнні. „Мы занепакоеныя тым, што з прапанаванай арганізацыйнай перабудовай мы страцім тыя каштоўнасці, якія зрабілі Index найбуйнейшым і найбольш чытаным навінавым сайтам краіны”. Дул піша, што бліжэйшыя дні канчаткова вырашаць лёс рэдакцыі. Мы зусім не ўпэўненыя, што ў будучыні мы зможам працягваць рабіць наш сайт, але паколькі мы шчыра верым у сілу грамадскасці, лічым, што гэта тое, што вы, як нашы чытачы, павінны ведаць. Мы будзем пастаянна інфармаваць вас пра падзеі тут, на Індэксе і ў Facebook, пакуль мы можам. Пакуль нам дазволена. Выданне пратэстуе супраць спробаў ураду Віктара Орбана кантраляваць сродкі масавай інфармацыі, вызначаць рэдакцыйную палітыку, прасоўваць выгадныя ўладам публікацыі і забараняць артыкулы, што крытыкуюць урад.

Пуцінская ўлада працягвае знішчаць нацыянальныя арганізацыі. У Расеі нядаўна прызналі экстрэмісцкай башкірскую нацыянальную арганізацыю „Башкорт”, а цяпер пад пагрозай забароны яшчэ адна арганізацыя, што змагаецца за правы карэннага насельніцтва — „У вій”. З марыйскай мовы назва перакладаецца як „Маладая сіла”. Актывісты „У вій” падарожнічалі па рэспубліцы Марый Эл, папулярызавалі гісторыю марыйскага краю, звярталі ўвагу на розныя, звязаныя з нацыянальнай спецыфікай рэгіёну аспекты. Упраўленне Міністэрства юстыцыі распачало праверку і сярод шэрагу арганізацый запатрабавала забароны „У вій”. Верагодна, арганізацыя была першай у Расеі, прычым стварылі яе яшчэ пры савецкай уладзе. Дзякуючы плённай дзейнасці „У вій” адкрылася марыйскага газета для моладзі — „Кугарня” (што ў перакладзе на беларускую гучыць як „Пятнiца”) і Марыйскі тэатр юнага гледача. Арганізацыя была адным з трох заснавальнікаў моладзевай асацыяцыі фіна-вугорскіх народаў, піша Idelreal.org. Паводле звестак упраўлення мінюста па Марый Эл, праблемы датычацца парушэнняў заканадаўства Расеі і статута арганізацыі пры ажыццяўленні дзейнасці. Таксама ў міністэрстве зрабілі выснову, што „У вій” не пацвердзіла дзейнасць па дасягненні статутных мэтаў.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.