Ліквідуюць установу “Віцебская трыбуна, якая не працуе ўжо 17 гадоў



Прыватная выдавецкая ўстанова “Рэдакцыя газеты “Віцебская трыбуна” была зарэгістраваная 13 сакавіка 2001 года рашэннем Віцебскага аблвыканкама. 15 лютага 2004 года ўлады пазбавілі ліцэнзіі газету «Віцебская трыбуна», якая на той час ужо перастала выдавацца праз фінансавыя складанасці. Але ў бюракратычнай машыне нешта не спрацавала, і “Віцебская трыбуна” трапіла “пад зачыстку” у шэрагу іншых грамадскіх утварэнняў.

Сяргей Серабро

Заснавальнік і рэдактар “Віцебскай трыбуны” Сяргей Серабро даведаўся, што адміністрацыя Чыгуначнага раёна Віцебска пачала ліквідацыю прыватнай выдавецкай ўстановы яшчэ 27 жніўня 2021 года, і гэта стала для яго поўнай нечаканасцю:

-Яна нядоўга выходзіла ў Віцебску, потым, калі ліцэнзію забралі, была праверка з падатковай інспекцыі, і мне сказалі, што ліквідуюць па спрошчанай сістэме… Мне неяк тэлефанавалі – даўно, да 2010-га году яшчэ, з упраўлення статыстыкі, ці яшчэ аднекуль. Пыталіся, чаму не прыношу справаздачы. Але на той час пячатку я здаў, дакументы здаў, вось і ўсё.

У 2004-м годзе Міністэрства інфармацыі патлумачыла, што падставай для пазбаўлення ліцэнзіі стала ліквідацыя заснавальніка выдання — Віцебскага Цэнтра моладзевых ініцыятыў «Контур». Чаму яна засталася на ўліку дагэтуль, і чаму 17 год таму не была ліквідаваная выдавецкая ўстанова, Сяргей Серабро афіцыйных тлумачэнняў не мае.

Беларускае Радыё Рацыя