Залева і град у Дзераўной пакінуў вяскоўцаў без ураджаю



У вёсцы Дзераўная Слонімскага раёна прайшла моцная залева з градам і ветрам. Пасля навальніцы наш карэспандэнт пабываў у вёсцы. Ён убачыў вясковыя вуліцы мокрыя ад дажджу і граду, а таксама абсыпаныя лісцем. Каля іх і вясковага возера вецер выкарчаваў шмат дрэваў. Некаторыя ўжо ўдалося распілаваць і адкінуць ад вуліц.

Здавалася, што ў вёсцы не жнівень, а позні лістапад. Ва ўсіх хатах на вуліцы Молчадзьскай град выбіў вокны, таму вяскоўцы іх закрывалі цалафанам.

У многіх дамах ураган пашкодзіў не толькі вокны, але і дах, сцены. Адна са старэйшых жанчын вёскі сказала, што падобнай навальніцы яна не памятае з 1937 года. “Тады над вёскай пранёсся страшэнны ўраган і знішчыў амаль усё. І вось цяпер – новы ўраган”, – сказала жанчына. Але найбольш навальніца з градам нашкодзілі садам і агародам. Сёлета жыхары Дзераўной засталіся без ураджаю. Лівень і град змылі і сарвалі з дрэваў усе яблыкі і грушы, а ў агародах поўнасцю знішчаны памідоры, агуркі, морква, капуста і іншая агародніна. “Можа толькі засталася бульба”, – казалі з горыччу вяскоўцы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.