Лукашэнка: Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам



«Свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам, таму тут мы навядзем парадак», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня ў Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі найбуйнейшых СМІ.

«Наяўнасць свабоды слова не прадугледжвае ўсёдазволенасці, хоць некаторыя яе так разумеюць, асабліва што тычыцца выказванняў у сетцы інтэрнэт, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. – Некаторыя медыйныя персоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі негатыўную рэакцыю, аж да асабістых абраз. Вы, асабліва прагрэсіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў не тое, абзавуць яшчэ больш з’едліва… Кожны з вас атрымаў порцыю [негатыву], той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву».

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што «ў асобных масмедыя апошнім часам сталі зʼяўляцца рознага роду канспіралагічныя тэорыі на прадмет таго, чаму кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчы з актывамі». «Нібыта нешта надзвычайнае адбываецца, і таму прэзідэнту прыходзіцца рэагаваць як пажарным. Дык вось: няма ніякай надзвычайшчыны», – падкрэсліў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, ён сустракаецца з прадстаўнікамі СМІ, каб патлумачыць асобныя аспекты ўнутранай і знешняй палітыкі, пракаментаваць падзеі, што адбываюцца, адказаць на актуальныя пытанні, што хвалююць журналістаў і іх аўдыторыю. «Мы павінны адкрыта з вамі паразмаўляць па тых пытаннях, перш за ўсё, якія хвалююць вас», – сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што для рынку масмедыя «важным фактарам зʼяўляецца наяўнасць дзяржаўных СМІ», і ў Беларусі іх лік скарачацца не будзе. Работа Міністэрства інфармацыі на чале з нядаўна прызначаным міністрам будзе нацэленая на падтрымку такіх СМІ, дадаў ён.

Якія менавіта «найбуйнейшыя СМІ» прысутнічаюць на сустрэчы, прэс-служба Лукашэнкі не паведамляе. Ці ёсць сярод удзельнікаў прадстаўнікі якіх-небудзь недзяржаўных масмедыя, невядома. Журналістаў БелаПАН, tut.by, Onliner, «Радыё Свабода», «Комсомольской правды» на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы не запрашалі.

БелаПАН

Фота belta.by

[manual_related_posts]