Лунінецкая газета „Информ-прогулка” спыняе выхад з-за скасавання дамовы друкарняй



Недзяржаўная газета „Информ-прогулка” (Лунінец, Берасцейская вобласць) больш не будзе выходзіць на паперы.

Як паведамляе сайт выдання, 26 ліпеня пінская друкарня скасавала дамову, таму рэдакцыя не змагла выпусціць нумар за 29 ліпеня.

„Аднак можна запампаваць свежы нумар газеты (разам з рэкламай, праграмай ТБ і прыватнымі аб’явамі) у электронным варыянце (гэта бясплатна)”, — гаворыцца ў паведамленні рэдакцыі.

Падпісчыкі могуць вярнуць грошы за падпіску, звярнуўшыся ў аддзяленне паштовай сувязі з квітанцыяй аб падпісцы на „Информ-прогулку”.

8 і 9 ліпеня ў рэдакцыях недзяржаўных медыя і ў журналістаў прайшлі масавыя вобшукі, якія закранулі ў тым ліку „Информ-прогулку”.

Незалежныя выданні прыблізна год маюць праблемы з друкам і распаўсюджваннем. Як мінімум шэсць газет спынілі выхад у друкаваным выглядзе ў сувязі з тым, што не могуць знайсці друкарню: „Народная Воля”, „Свободные новости плюс”, „БелГазета”, Intex-press, „Брестская газета”, „Газета Слонімская”.

belapan.by