Лябедзька, Губарэвіч і Рымашэўскі, відавочна, атрымаюць новыя суткі арышту



Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі могуць застацца пад арыштам. Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі, якія былі арыштаваныя за ўдзел у Маршы недармаедаў у Маладэчне, рызыкуюць атрымаць новыя тэрміны, не выходзячы на свабоду. Стала вядома, што сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталю Рымашэскаму ўручылі чарговыя пратаколы непасрэдна ў камеры, – кажа адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

– Прыйшла інфармацыя ад адваката, які наведвае Віталя Рымашэўскага, што яму ў камеры апошнімі днямі былі ўручаны яшчэ два пратаколы за мітынгі ў рэгіёнах, якія Віталь і іншыя лідары правацэнтрысцкай кааліцыі наведалі, таму абсалютна верагодна, што, як планавалася – выхад пасля 15 сутак з Маладэчна 25-га ў 8.00 – магчыма не адбудзецца. Магчыма прама адтуль завязуць у суд і прызначаць новыя суткі.

Маршы недармаедаў трывалі ў розных рэгіёнах Беларусі, у якіх узялі ўдзел тысячы чалавек. Пасля многім удзельнікам пратэстаў былі прад’яўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях. На сённяшні момант за кратамі знаходзіцца больш за сотню пратэстоўцаў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя