Лябедзьку судзілі без яго ўдзелу, хоць ён і з’явіўся ў суд



Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на 50 базавых велічынь, гэта 1150 рублёў. Палітык быў прызнаны вінаватым у незаконным пікетаванні 17 кастрычніка. Так супрацоўнікі міліцыі расцанілі збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Беларусі, як адказнага за „дзедаўшчыну” ў войску, якая прывяла да гібелі некалькіх ваеннаслужачых.

Справу Анатоля Лябедзькі разглядала суддзя Вера Галаўкова:

– Лябедзька на судовае паседжанне не з’явіўся. Пра разгляд справы быў азнаёмлены належным чынам. Прычыну, якая магла б перашкодзіць яўцы ў суд, не паведаміў. Апытаўшы сведкаў і азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, суддзя знаходзіць дастатковымі сабраныя па справе доказы. Дзеянні Лябедзькі падлягаюць кваліфікацыі па частцы 3 артыкула 23.34 АК. Суд лічыць, што ў мэтах выхавання асобы, якая здзейсніла адміністрацыўнае правапарушэнне і дзеля папярэджання ім здзяйснення новых правапарушэнняў мера адміністрацыйнага спагнання ў адносінах да Лябедзькі мусіць быць прызначана ў выглядзе штрафу.

Аднак словы суддзі аб няяўцы Анатоля Лябедзька на працэс не адпавядалі рэчаіснасці. Палітык прыйшоў у суд разам са сваімі сведкамі. Яго бачылі супрацоўнікі міліцыі, сакратар суддзі, а таксама памочнік старшыні суду Савецкага раёну. Лябедзька знаходзіўся каля залы, дзе разглядалася яго справа, і чакаў, што яго паклічуць на разгляд. Тое, што яго не паклікалі, ён лічыць наўмыснымі і цынічнымі дзеяннямі з боку супрацоўнікаў суду.

Палітык будзе абскарджваць як  рашэнне суда па яго справе, так і дзеянні судовых чыноўнікаў, якія фактыча пазбавілі яго права ўдзельнічаць у разглядзе справы. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя