Лявон Баршчэўскі: Няма сёння ў апазіцыі свайго Пазьняка…



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі патлумачыў, чаму ён падпісаўся пад зваротам да апазіцыі з заклікам аб’яднацца.

Лявон Баршчэўскі

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі выступілі са зваротам, у якім заклікалі дэмакратычную апазіцыю да кансалідацыі.

Зварот падпісалі вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Зінаіда Бандарэнка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.

Лявон Баршчэўскі: Я паставіў свой подпіс пад зваротам пра аб’яднанне апазіцыі таму што гэтае пытанне ўжо, як кажуць, навязла ў зубах, і яно не вырашаецца на працягу 20 гадоў. Рэч абсалютна відавочная, што без аб’яднання не будзе ніякага руху наперад і ніхто не будзе лічыцца з такой апазіцыяй.

РР: Ці не падаецца вам, што гэта марная справа – спрабаваць аб’яднаць апазіцыю?

— Марнай справы няма з улікам таго, што проста трэба сказаць праўду ў твар тым, хто не хоча яднацца. А сказаць трэба так: “Калі ты супраць яднання, то ты альбо агентура, альбо інфантыльны чалавек”. У сітуацыі, куды коціцца краіна, мы не можам дазволіць сабе раскошу 5-7 партыямі сварыцца паміж сабой.

РР: Ці прыслухаюцца?

— Да заявы можа і не прыслухаюцца, але, можа быць, індывідуальныя перамовы нешта дадуць, Наколькі вядома, яны вядуцца. Трэба адраджаць апазіцыю, бо сёння яе фактычна ўжо няма. Засталіся нейкія дысідэнцкія групы – і не больш таго. Вось з гэтых групаў і трэба зрабіць рух, з якім будуць лічыцца.

РР: На ваш погляд, калі пачала дэкградаваць беларуская апазіцыя?

Пасля ад’езду за мяжу Зянона Пазьняка ў 1996 годзе. Калі ў першыя гады нешта адбывалася па інерцыі, то паступова гэта ішло ўніз. А пасля 2010 году, калі апазіцыя не знайшла слоў для пацярпелых людзей, каб вярнуць ім надзею, усё стала зусім дрэнна. Я мяркую, што апазіцыяй павінна стаць частка народу, а то ў нас гэта асацыіруецца толькі з групай нейкіх палітыкаў. І гэта самае галоўнае.

РР: У апазіцыі сёння няма моцнага лідара?

Так, у іх няма свайго Зянона Пазьняка. Няма ні моцнай палітычнай фігуры, ні выразнай праграмы. Ёсць толькі нейкія агульныя рэчы кшталту “Беларусь – у Еўропу”. А гэтага мала. Неабходна дакладная пакрокавая стратэгія. На ўсе пытанні, якія сёння цікавяць людзей, неабходна даваць адказы грамадству.

Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belsat.eu

[manual_related_posts]
  • Anonim

    „— Марнай справы няма з улікам таго, што проста трэба сказаць праўду ў твар тым, хто не хоча яднацца.” Вось і паспрабуйце аб’яднацца на наступным прыкладзе.

    На дадзены момант, Лявон, гэты тэкст красуецца на сайце Хартыі 97. Чамусьці па-руску, і спроба пераключыць на беларускую пакуль анідачога не прыводзіць. Тут што трэба было і каму трэба было перакладаць?

    Я лічу, што адмоўных момантаў у дазволе так званым „сваім” у перадрукоўцы дастаткова. Каму Баршчэўскі даваў інтэрв’ю? Хартыі? Там ёсць Халіп з яе „Люди секонд хэнд”. І калі РР будзе і надалей такім чынам „ліберальнічаць”, то вы (РР і Баршчэўскі) і не заўважыце, як атрымаеце прэмію ад Пуціна за самую аб’ектыўную інфармацыю „из Белорусии”, як яе атрымаў, у свой час, Алесь Ліпай са сваімі навінамі.

    Што нехапае крыніц інфармацыі? НН сёння, губляючы тапкі, бяжыць падзяліцца інфармацыяй „Лайф-Ньюса”)). Пане Лявон, РР, пазбаўце, калі ласка, Хартыю права на перадрукоўку гэтага артыкулу. Ад таго, што ён там знікне у перакладзе на рускую плён будзе. А вось што дае той факт, што дадзены артыкул там зараз красуецца выключна у перакладзе на рускую? Аўтарскае права прыдумалі дурні, пане Лявон? Супрацоўніку РР не цікава, што у яго крадуць? Ці мо ён лічыць такую перадрукоўку дробяззю?

    Я лічу, што не толькі дапушчальна, а неабходна вымусіць адзін аднаго прытрымлівацца правіла – не ты прадуцэнт інфармацыі – не табе і пашыраць аудыторыю.

    PS
    Каб аставіць камент пад сваім імём давялося…зайсці на закладку „Ананімна”. Анекдот.
    Найлепшая зараз, на мой погляд, сістэма кантролю за каментамі на сайце свабоды.

Комментарии для сайта Cackle