Лявон Баршчэўскі: Цешыць, што на акцыі было шмат моладзі



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад «Чарнобыльскага шляху», які прайшоў 26 красавіка ў Менску.

Нагадаем, 30-годдзе найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы — аварыі на Чарнобыльскай АЭС — апазіцыя адзначыла традыцыйным шэсцем у цэнтры сталіцы. Па некаторых звестках, у акцыі прымалі ўдзел каля тысячы чалавек.

Лявон Баршчэўскі: Гора ад Чарнобыля адно — ад рака паміраюць і прадстаўнікі ўлады, і прадстаўнікі апазіцыі. Але ўлада не ідзе на тое, каб рабіць нешта ў адным кірунку, паказаць усяму свету, што шмат беларусаў памятаюць пра гэтую жахлівую катастрофу. Удзельнікам акцыі ізноў чыніліся розныя дробныя перашкоды, каб шэсце не атрымалася належным чынам. Хаця можна было б даць удзельнікам мерапрыемства і паласу вуліцы, каб нас святлафорах рэгуліроўшчыкі прапускалі калону. Гэта не заняло б вельмі шмат часу і не стварыла б нязручнасцяў для мінакоў. Было відавочна, што ўлада ставіцца да акцыі з нейкай варожасцю.

РР: На ваш погляд, чаму?

Магчыма, уладзе ёсць што хаваць, яна замоўчвае праблему. Сёння будуецца новая атамная станцыя ў Астраўцы, якая мае, як мне падаецца, не столькі эканамічнае, колькі палітычнае значэнне. І другое – відавочна хаваюцца наступствы трагедыі. Ёсць жа факты, што на продаж ідзе тое ж радыяцыйнае малако… Але такія напаміны пра трагедыю чыноўнікам, відаць, не патрэбны. Хоць, калі б свет убачыў, як сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцу, каб нагадаць пра Чарнобыль, то гэта дапамагло б краіне яшчэ і міжнародную фінансавую дапамогу атрымаць.

РР: А што можаце сказаць пра арганізацыю «Чарнобыльскага шляху»?

Я разумею магчымасці арганізатараў, ведаю, што ўсё даецца даволі складана, калі табе не спрыяюць. Для гэтага патрэбны і грошы, і нармальнае стаўленне ўладаў. Уявіце, што тыя людзі, якія займаліся арганізацыяй, вымушаны былі займацца яшчэ і судамі, штрафамі за мінулыя мерапрыемствы… Але, хто хацеў ведаць пра акцыю, той ведаў. Хто хадзіў кожны год, той і працягвае хадзіць. Цешыць і тое, што было дастаткова шмат моладзі. І я заўважыў, што ў асноўным прысутнічала моладзь і сталыя людзі. А вось сярэдняе пакаленне ў асноўным адсутнічала. Можа быць, яно не верыць, што сітуацыю можна змяніць ці на нешта паўплываць праз такія мерапрыемствы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя