Людзей працягваюць затрымліваць па ўсёй Беларусі



Па ўсёй Беларусі працягваюць затрымліваць людзей, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Гомельскі актывіст Алег Левянец паведаміў у фэйсбуку, што яго раніцай 15 верасня затрымалі супрацоўнікі міліцыі і вязуць у Савецкі РАУС.

Праваабаронцам вядома, што Левянца міліцыя расшуквала з 11 верасня каб скласці пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гамельчука Анатоля Паплаўнага выклікалі позвай у Савецкі РАУС на 14 гадзін. «Для апытання ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс», – пазначана ў позве. Вядома, што некалькі дзён таму да Паплаўнага хацелі патрапіць супрацоўнікі міліцыі, але тады ён не адчыніў ім дзверы.

Бабруйская журналістка Ірына Купцэвіч прыйшла ў РАУС «на размову» – і яе неадкладна затрымалі. Суд быў пасля абеду. Журналістку вінавацілі ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве.

«Патэлефанаваў участковы. Запрасіў азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Якой – адмовіўся казаць па тэлефоне», – напісала Купцэвіч.

На плошчы Перамен у Менску затрымалі як мінімум аднаго чалавека. Мужчына ў Цэнтральным РУУС, паведамляе ў тэлеграм канале @nashaniva. Прозвішча затрыманага – Сцяпан Латыпаў. Пазней па месцы ягонага жыхарства невядомыя людзі ў балаклавах правялі ператрус. Стала вядома, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Гэта паведаміў ягоны адвакат. Ад якіх-небудзь падрабязнасцяў ён устрымаўся.

У Горадні АМАП зноўку затрымаў музыку і грамадскага актывіста Ігара Банцара. Ён ладзіў акцыю-перформанс пад будынкам абласнога суда, дзе сёння мусіў адбыцца перагляд ягонай справы, піша ў тэлеграм-канале @belsat.

У Магілёве затрыманы Ілля Кальцоў. Учора пасля 22 гадзін яму ўручылі позву на сёння, 15 верасня, у Ленінскі РАУС на 10 гадзін раніцы. Кальцоў пайшоў і на сувязь больш не выйшаў. Пазней маці патэлефанавалі і паведамілі, што Ілля затрыманы.

У Магілёве затрымалі сябра ТБМ Наталлю Шымянкову і адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС.

У вёсцы Ломшына Мінскага раёна сёння затрымалі Пятра Віткоўскага. Каля 12 гадзін у яго дом уварваліся 6 супрацоўнікаў міліцыі – частка ў цывільным, частка ў форме, са шчытамі і зброяй. Сказалі, што затрымліваюць яго па крымінальнай справе за перашкоду дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. Вядома, што падчас акцыі 30 жніўня Віктоўскі быў побач з тым месцам, дзе затрымлівалі футбалістаў «Крумкачоў».

У Полацку сёння затрыманы Анатоль Пракапенка.

У Маладэчне затрымалі Васіля Рамановіча, 1972 г.р. за ўдзел у нядзельнай акцыі. Заўтра – суд.

У Барысаве прыкладна а 20.00 затрыманыя дома тры чалавекі: Марына Шувалава, Аляксандр Кульнёў, Людміла Хоцька.

spring96.org