Людзі падтрымалі Севярынца, які сустрэў Новы год за кратамі



Шмат хто з актывістаў сустрэў новы 2020 год за кратамі ў ізалятары на Акрэсціна, адбываючы арышты за пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. Сярод іх арганізатар пратэсту, палітык і пісьменнік Павел Севярынец.

Пра тое, як сям’я сустрэла Новы год без Паўла і пра падтрымку ад людзей Радыё Свабода запыталася ў жонкі палітыка Вольгі Севярынец. 30 снежня ў Паўла Севярынца быў дзень народзінаў, які ён таксама правёў у няволі.

«Збіралі яму перадачу больш святочную, – распавядае Вольга. – Але асабліва не пакладзеш, бо там нічога нельга. Перадавалі «рафаэлкі», каўбасы, хлеб самаспечаны – той, які ён любіць. Перадалі кнігі, якія ён прасіў – Чэхава, Гарэцкага, часопіс «Наша гісторыя». Маці Паўла Таццяна Севярынец пісала ў Facebook, што гэта ўжо шосты дзень народзінаў, які яе сын сустракае за кратамі.

Вельмі шмат людзей падтрымала іх сям’ю, распавядае Вольга Севярынец. З таго часу, як Паўла затрымалі, на выданне яго другой кнігі з цыклу «Беларусалім» людзі ахвяравалі каля 1500 рублёў – збор сродкаў ідзе на Ulej.by.

Акрамя Севярынца былі арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек – Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Леанід Кулакоў, Стас Шашок, Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Чахольскі і Алена Таўстая. Большасць з іх сустрэла Новы год за кратамі.

 

[manual_related_posts]