Мадэрнізавалі школу імя Валерыя Ўрублеўскага



Пасля мадэрнізацыі ўрачыста адкрылі ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна сярэднюю школу імя Валерыя Ўрублеўскага. На мадэрнізацыю школы было затрачана 1 мільён 156 тысяч беларускіх рублёў.

На мерапрыемства ў Жалудокскую СШ прыехалі намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і іншыя асобы.

У гэты дзень дырэктар школы Уладзімір Васількевіч прымаў шчырыя віншаванні і падарункі для школы, а таксама гучалі песні і радасныя апладысменты з нагоды такога добрага і светлага свята. Была ў гэты дзень і экскурсія па школе, азнаямленне з класнымі пакоямі, розныя сустрэчы і ўспаміны.

На адной са сцен школы з’явіліся партрэты знакамітых землякоў, сярод якіх і партрэт Валерыя Ўрублеўскага, які з Жалудка быў родам і якому сёлета спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння. З 1971 года школа носіць імя Валерыя Ўрублеўскага – аднаго з бліжэйшых паплечнікаў Кастуся Каліноўскага ў перыяд паўстання 1863 года, затым генерала Парыжскай камуны, чалавека, які актыўна ўдзельнічаў у рабоце Першага Інтэрнацыянала.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Шчучынскі раён

Фота аўтара