Магіляўчаніна аштрафавалі за бел-чырвона-белую налепку



ДАІ Магілёўскай вобласці 19 красавіка аштрафавала на 11,5 рубля (0,5 базавай велічыні) жыхара Магілёва Аляксея Кузьміна за распазнавальны знак транспартнага сродку BY, выкананы на бел-чырвона-белым фоне.

Фота symbal.by

Кузьмін, які знаходзіўся за рулём уласнага аўтамабіля, быў спынены супрацоўнікамі 15 красавіка за перавышэнне хуткасці недалёка ад чыгуначнага вакзала ў Магілёве. Пасля пратакол на яго быў складзены таксама за эксплуатацыю аўтамабіля са знешне бачнай налепкай на заднім шкле, якая не пазначаная ў дадатку 5 (Апазнавальныя знакі транспартных сродкаў) Правілаў дарожнага руху.

„Сёння ў ДАІ мне выпісалі штраф у памеры 0,5 базавай велічыні за налепку. Матывавалі тым, што ў Правілах дарожнага руху дапускаецца налепка такой жа формы, такога ж памеру, але каб фон быў толькі чыста белы і чорныя літары BY”, — паведаміў аўтамабіліст.

Разам з тым ён адзначыў, што да такіх жа распазнавальных знакаў BY, якія выкананыя на чырвона-зялёным фоне, альбо да налепленых на аўтамабілі „георгіеўскіх стужачак” ніякіх прэтэнзій у супрацоўнікаў ДАІ няма. У гэтым ён бачыць негатыўнае стаўленне магілёўскіх міліцыянераў да беларускай нацыянальнай сімволікі і да герба „Пагоня”, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Кузьмін заявіў пра намер абскардзіць рашэнне аб накладанні штрафу.

Раней негатыўнае стаўленне да патрыятычнага закліку-дэвізу „Жыве Беларусь!” выказваў камандзір магілёўскай роты АМАПа Андрэй Барысенка. На судзе 28 сакавіка ён заявіў, што ўдзельнікі мітынгу супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 15 сакавіка ў адказ на словы „Жыве Беларусь!” „таксама крычалі” Жыве! Жыве!”, як нацысты”. Кіраўніцтва УУС Магілёўскага аблвыканкама пакуль не дало ацэнку выказванням свайго супрацоўніка.

belapan.by