Магілёўскага журналіста выклікалі ў міліцыю за лісты ў беластоцкую «Ніву»



За допісы ў тыднёвік беларусаў у Польшчы адміністрацыйная справа ў Беларусі. Карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у Магілёўскай вобласці Уладзіміра Лапцэвіча выклікалі ў Ленінскі РАУС Магілёва з прычыны ягоных допісаў у беластоцкую «Ніву».

Уладзімір Лапцэвіч адзначае, што супрацоўнічае з выданнем як пазаштатны аўтар, і сумняваецца, што магілёўскія міліцыянты ведалі ўвогуле пра існаванне тыднёвіка беларусаў у Польшчы.

Пару тыдняў таму яны можа і даведаліся пра існаванне гэтага тыднёвіка, у пачтаку гэтай справы ў адносінах да мяне. Канешне, гэта ўказка, тым больш, што ў апошні час я даволі актыўна адстойваў правы не толькі свае, але і іншых людзей, якія звяртаюцца да мяне з мэтай асвятлення нейкіх падзей ужо як да карэспандэнта БелаПАН. Вырашылі вось такім чынам паўдзейнічаць на мяне, каб можа неяк спыніць.

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва праводзілі апытанне журналіста ў межах адміністрацыйнай справы за так званы незаконны выраб прадукцыі СМІ. 20 чэрвеня стане вядома, ці магілёўскія міліцыянты накіруюць справу ў суд. Сёлета ў Беларусі ўжо больш за дзясятак журналістаў незалежных СМІ былі пакараныя за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя