Магілёўскі чыноўнік на чале злачыннай групы



Былы дырэктар магілёўскага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства „Жылкамгас”, які раней займаў пасаду намесніка начальніка абласнога УУС, некалькі гадоў узначальваў устойлівую злачынную групу.

Зараз Следчы камітэт расследуе справу былога дырэктара „Жылкамгаса”, які абвінавачаны ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў пры выкананні абавязкаў на пасадзе кіраўніка названага прадпрыемства (ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса). Гаворка ідзе пра Уладзіміра Агеева, які да прыходу на пасаду дырэктара магілёўскага „Жылкамгаса” быў намеснікам начальніка абласной міліцыі.

Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, усталяваны факт супрацьпраўных дзеянняў былога кіраўніка магілёўскага УКП „Жылкамгас”, якія з’яўляліся часткай маштабнай злачыннай схемы, выяўленай магілёўскімі аператыўнікамі раней. Мерапрыемствы па суправаджэнні дзяржаўных закупак і закупак за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў ЖКГ, праведзеныя супрацоўнікамі УБЭП УУС, дазволілі выявіць злачынную схему, звязаную з пастаўкамі названым прадпрыемствам таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў па завышаных цэнах.

„З 2012 па 2015 гады ўстойлівая злачынная група, якую ўзначальвае дырэктар і заснавальнікі больш як дзесяці розных камерцыйных структур, у змове з кіраўнікамі прадпрыемстваў ЖКГ ажыццяўляла на іх адрас пастаўкі помпавага абсталявання па цане, завышанай да 13 разоў. Дзякуючы карпатлівай аператыўнай працы супрацоўнікаў УБЭЗ УУС, былі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ шасці раёнаў Магілёўскай вобласці, а прычынены ўрон склаў больш за 450 тысяч рублёў”, — паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Шчадракоў.

Паводле яго слоў, на аснове вопыту УУС Магілёўскай вобласці падраздзяленнямі БЭЗ АУС рэспублікі пры каардынацыі дзеянняў з боку ГУБЭЗ МУС устаноўлены ўдзел у рэалізацыі гэтай злачыннай схемы кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ больш як 30 раёнаў усіх абласцей краіны. „У дачыненні да ўдзельнікаў злачыннай змовы распачата 36 крымінальных спраў, па 12 матэрыялах праводзяцца праверкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, толькі па выкрытых фактах памер нанесенай імі шкоды склаў больш за 20 млрд недэнамінаваных рублёў. Прынятыя намаганні дазволілі сарваць планы арганізатараў, якія мелі намер уцягнуць у злачынную схему яшчэ больш службовых асоб у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, — заявіў Шчадракоў.

belapan.by