Магілёўскую журналістку спрабуюць прыцягнуць да адказнасці



Магілёўская журналістка-фрылансер Аліна Скрэбунова 9 чэрвеня атрымала sms-паведамленне на нумар мабільнага тэлефона. Паведамляе праваабарончы цэнтр « Вясна».

Па інфармацыі службы маніторынгу ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”,  невядомыя асобы прапанавалі журналістцы “з’явіцца на грамадскі пункт аховы правапарадку № 6 Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва 13-га чэрвеня ў 13-00″. Журналістку выклікаюць у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Па словах Аліны Скрэбуновай, яна была здзіўлена, атрымаўшы такое паведамленне ад невядомых асобаў і з невядомага ёй нумара тэлефона. Аліна кажа, што гэта мог быць і чыйсьці не вельмі разумны жарт. Таму журналістка параілася з сябрамі і даслала на гэты нумар паведамленне ў адказ.

“Калі вы сапраўды з міліцыі, то дашліце мне пісьмовы дакумент з пячаткамі ва ўстаноўленай законам форме”, — напісала ў sms-паведамленні Скрэбунова.