Магілёўцы патрабуюць перанесці «Омск Карбон» у родную вёску Лукашэнкі



Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і лідар мясцовых хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў падалі ў Магілёўскі гарвыканкам паведамленне пра правядзенне пікету ў пачатку траўня.

Галоўная мэта акцыі, са слоў арганізатараў, – патрабаванне пераносу завода «Омск Карбон Магілёў» у вёску Александрыю Шклоўскага раёна, якую Лукашэнка называе сваёй малой радзімай.

Пікет будзе малалікім – толькі да 5 чалавек, але арганізатары ўпэўненыя, што гэтага досыць, каб данесці асноўную думку акцыі. Для гэтага плануецца выкарыстанне транспарантаў.

Шанцаў і Аксёнаў гатовыя аплаціць паслугі міліцыі, «хуткай дапамогі» ды камунальнікаў на абслугоўвання пікету. Але пры гэтым яны просяць гарвыканкам даць распараджэнне гэтым службам, каб тыя былі гатовыя да ўкладання адпаведных пагадненняў.

mogilev.online

Фота Коммерсантъ