«Малады Фронт»: 20 гадоў надзеі (абноўлена)



Пакаленне 90-х адзначае 6 верасня 20годдзе моладзевага руху, які мае назву «Малады Фронт». 20 гадоў таму, менавіта 6 верасня 1997 год, у Менску адбыўся ўстаноўчы з’езд гэтай арганізацыі. Сярод сябраў гэтай арганізацыі такія вядомыя асобы Беларусі, як Аляксей Янукевіч, Валянцін Стэфановіч, Павел Севярынец, Аляксей Шэйн.

Адным з сябраў «Маладога Фронту» быў рэдактар беларускай службы сайта Informnapalm.org Дзяніс Івашын:

– У «Малады Фронт» мы прыходзілі – гэта было практычна наша пакаленне незалежнасці. Мы непасрэдна бачылі, як наша краіна яшчэ ў дзяцінстве была незалежнай, пад бел-чырвона-белым сцягам. Потым ужо бачылі падчас свайго сталення, навучання ў школе, як усе базавыя нацыянальныя каштоўнасці пачалі проста руйнавацца прамаскоўскай новай сістэмай. Людзі, якія мелі любоў да сваёй Бацькаўшчыны, хацелі зменаў да лепшага, і яны пачалі аб’ядноўвацца. Гэта быў 97-мы год. І мы былі аб’яднаныя рашучымі зменамі да лепшага, да абароны нацыянальных каштоўнасцяў.

Для грамадскага актывіста Эдуарда Дмухоўскага «Малады Фронт» – гэта падарожжы і час вулічных акцый, якіх зараз практычна няма.

«Малады Фронт» – гэта перадусім маладосць, надзеі на будучыню, вера ў тое, што ўсё можна змяніць цяпер, тут і сёння. Вялікі імпэт, жаданне змяніць нешта ў гэтай краіне. І вера ў тое, што гэта можна зрабіць. Вера ў тое, што гэта хутка адбудзецца. І мы зажывём нармальным жыццём. Гэта тусоўкі, падарожжы, разнастайныя і бясконцыя акцыі – цікавае жыццё.

Для гарадзенскіх сябраў «Маладога Фронту» самымі адметнымі былі вулічныя акцыі: пікеты і мітынгі, а таксама правядзенне Дзён Беларускай вайсковай славы каля сцен Каложскай царвы і Алімпіяды «Маладога Фронту», якія гарадзенская незалежная моладзь ладзіла больш за пяць гадоў.

* * * 

У пачатку верасня 1997 года ў менскім Палацы культуры «Сукно» адбыўся Устаноўчы З’езд «Маладога Фронту» – грамадскай арганізацыі, якая сабрала ў сваіх шэрагах маладых людзей з усёй Беларусі. Сярод сябраў «Маладога Фронту» была і вялікая колькасць гарадзенцаў.

Пра тое, чым для яго быў «Малады Фронт», распавядае Вадзім Саранчукоў – кіраўнік Партыі БНФ па Гарадзеншчыне.

– Па-першае, лепшыя гады жыцця. У «Маладым Фронце» прайшло маё юнацтва, маё сталенне. У «Маладым Фронце» знайшоў сваю жонку, сваю сямю. Гэта людзі, якія зрабілі мяне, якія вельмі моцна спрычыніліся да таго, кім я ёсць зараз. І мне вельмі прыемна, што замест таго, каб піць піва ці ўжываць наркотыкі, я баўлю свой час у кампаніі адукаваных, прыемных, разумных людзей. Вельмі ўдзячны за гэта «Маладому Фронту».

Для журналісткі партала TUT.by Вольгі Камягінай «Малады Фронт» з’яўляецца лепшымі ўспамінамі.

«Малады Фронт» быў для мяне маладосцю, маёй любоўю і каханнем. Гэта любоў не толькі да Радзімы, але і да людзей, да хлопца, з-за якога я прыйшла ў «Малады Фронт». Гэта было ў 1999 годзе. Напэўна, гэта маё жыццё, якое і зараз са мной. І гэта вельмі добры перыяд жыцця, які стаў для мяне вырашальным у будучым, дарослым жыцці.

Гарадзенская арганізацыя «Маладога Фронту» мела ў сваіх сябрах сённяшніх журналістаў і грамадскіх дзеячаў, сярод якіх такія вядомыя асобы, як Павел Мажэйка і Алесь Кіркевіч, Хрысціна Марчук і Дзяніс Івашын.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня