„Малако “Бярозка” мае смак і пах малака і суадносіцца са стандартам”



„Малако “Бярозка” вытворчасці “Савушкін прадукт” горада Берасця мае смак і пах, характэрны для малака, з лёгкім прысмакам кіпячэння, саладкаватае, суадносіцца са стандартам, – такі адказ атрымаў жыхар аграгарадка Кабакі Валер Білібуха з Бярозаўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на скаргу пра купленую ў краме бутэльку малака “Бярозка” з вельмі непрыемным пахам.

Скаргу і бутэльку малака занёс 5 лютага, пробу на аналіз узялі 14–га. Прынесеную бутэльку малака на аналіз не ўзялі,  кажа абураны Валер Білібуха:

– Матывавалі тым, што, магчыма, я няправільна захоўваў тое малако. Ці сам насыпаў чагосьці туды. У мяне прадукты заўсёды ў халадзільніку захоўваюцца і не псуюцца. А тут малако за ноч сапсавалася.

Супрацоўніца аддзялення гігіены харчавання Берасцейскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Каліноўская паведаміла, што ў гэтым выпадку парушэнняў з боку работнікаў Бярозаўскай установы не было:

– Аб’ектамі такой экспертызы не могуць з’яўляцца харчовыя прадукты, набытыя спажыўцом. Адбіраюць людзі, па-першае, адмыслова навучаныя, па-другое, існуюць пэўныя  ўмовы адбору пробаў і дастаўкі.

Можна толькі пазайздросціць “Савушкінаму прадукту”, які пазбег адказнасці за смярдзючае малако. У сваю чаргу Валер Білібуха як пакрыўджаны спажывец здавацца не збіраецца. Але на ўсялякі выпадак раіць іншым не весціся на брэнд “Бярозка”, праслаўленым Бярозаўскім сыркамбінатам, які цяпер стаў маёмасцю “Савушкінага прадукта”.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя