Марат Клімаў: Мы знайшлі не так шмат артэфактаў, як хацелася



Скончыў сваю працу археалагічны летнік “Камень-2017”, які займаўся раскопкамі каля вёскі Бабча, што ў Лепельскім раёне. Там працавалі  краязнаўцы, настаўнікі і школьнікі на чале са старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Маратам Клімавым.

Як кажа лепельскі краязнаўца і настаўнік Валеры Тухта,  хоць надвор’е выпала не вельмі спрыяльнае на час археалагічнай экспедыцыі, тым не менш усе вытрымалі гэтыя выпрабаванні і не пакінулі археалагічны летнік.

– Пачатак гэтых раскопак быў пакладзены яшчэ ўвесну гэтага года, калі мы хадзілі ў археалагічную разведку і на беразе возера Бабча знайшлі паселішча, якое  датуюць 12 ст. І вырашылі паспрабаваць пакапаць. І я з настаўнікамі займаліся падрыхтоўкай школьнікаў да раскопкаў, каб дзеці сваімі рукамі памацалі гісторыю. Гэта значна цікавей, чым  чытаць падручнікі.

Па словах Марата Клімава, выбітных знаходак, звязаных з вікінгамі ды іншымі цікавымі людзьмі, яны не знайшлі.  Але выканалі асноўную задачу – высветлілі асаблівасці сістэмы засялення. Яны поўнасцю прасачылі працэс ад неаліта і бронзы,  заканчваючы XIV  стагоддзем засялення паселішча.

– Нам цікава было прасачыць асаблівасці засялення. І вось мы даследавалі паселішча. Як выявілася, яно мае шматтысячагадовую гісторыю. Мы находзілі лускі крэмняў, наканечнік стралы, рэшткі печы. Вельмі мала бітых гаршкоў, хоць і печы, і пабудовы тут ёсць. Нож знайшлі, грузілы для сетак, прасліцы для верацяна. Некалькі жалезных рэчаў.  Таксама знайшлі фрагмент ад восці, зброі для лоўлі рыбы. Гэта просты сялянскі побыт , які характэрызуе той час. І, на жаль, мы знайшлі не так шмат артэфактаў, як нам хацелася.

Падчас археалагічных раскопак каля вёскі Бабча  быў зроблены адзін раскоп і два шурфы. Высветлілася, што асноўнае паселішча людзей было ўздоўж берага возера Бабча.

Навуковае даследванне на Лепельшчыне і археалагічныя раскопкі ладзіліся ў межах навуковай праграмы Акадэміі навук.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Таццяны Смоткінай і Наталлі Драздовіч з сацыяльнай сеткі “Аднакласнікі”