Марш памяці ў Гародні



Марш памяці ў 75-ю гадавіну знішчэння гарадзенскага гета адбыўся на цэнтральных вуліцах Гародні. У ім прынялі ўдзел некалькі сотняў гарадзенцаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і святары розных канфесій.

Пра мерапрыемства распавядае дырэктарка гарадзенскага абшчынага дома “Менора” Алена Куцэвіч:

– Сакавік 1943 года – гэтая дата сумная для ўсяго народа, у тым ліку і для гарадзенцаў. У гэты дзень было знішчана больш за палову насельніцтва горада. Гародня была аб’яўленая свабоднай ад габрэяў. Разам з гэтым памерла большая частка цывілізацыі, якая будавала, жыла, існавала і марыла пра будучыню. Здарыўся той дзень, калі гэта ўсё ў адзін момант  абарвалася.

Святар грэка-каталіцкай царквы з Гародні Андрэй Крот, што выступаў на Маршы Памяці, лічыць падзеі 1943 году трагедыяй розных народаў:

– Іх яднала супольная смерць. Іх яднала супольная трагедыя, бязвінная смерць і знішчэнне нашых народаў. Гэта трагедыя, у якой вінаваты не нейкі народ,  нейкая партыя ці рух. Не, у гэтым вінаватыя людзі таксама, якія паддаліся таму, што традыцыйна ва ўсіх веравызнаннях называецца грахом. Гэта тое дрэннае, што ў нас ёсць.

У працэсіі маршу прымалі ўдзел таксама і школьнікі, што неслі фота вязняў гарадзенскага гета, якія выжалі. Фінішнай кропкай гарадзенскага Маршу Памяці стала гарадзенская харальная сінагога, дзе адбыўся канцэрт і адкрыццё выставы Алеся Сурава.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня