Марына Адамовіч: Удзельнікі акцыяў добра ведаюць, чым яны могуць скончыцца



Беларускія ўлады не здзівілі, калі ўдзельнікаў першатравеньскай акцыі пакаралі суткамі, – кажа Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча.

У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы адразу па двух пратаколах за акцыю 1 траўня ў Менску і мітынг у Курапатах 3 сакавіка судзілі Паўла Cевярынца. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла вырак – 15 сутак арышту. Раней такі тэрмін арышту суддзя Міхаіл Хома даў актывісту Максіму Вінярскаму. У спісе-пратаколе ўдзельнікаў мітынгу, які бачыў Севярынец, за акцыю 1 траўня ў Менску значацца яшчэ 10 чалавек. Таксама і Марына Адамовіч.

– Мы з вамі добра разумеем, дзе жывём, і кожны, ходзячы на акцыю, разумее, што ўсё можа скончыцца чым заўгодна, неадэкватныя дзеянні ўлады могуць мець самыя розныя наступствы. Таму, я думаю, што на акцыі ходзяць свядомыя, цвярозыя людзі, якія добра разумеюць, што іх можа чакаць.

У спісе-пратаколе ўдзельнікаў у мітынгу, які бачыў Павал Севярынец, таксама пазначаныя Уладзімір Някляеў, Юрась Губарэвіч, Вячаслаў Сіўчык, Славамір Адамовіч і іншыя. Усяго 10 іменаў. Чакаецца, што іх таксама будуць судзіць.

2 траўня суды за акцыі на 1 траўня прайшлі ў Менску, Гомеле, Берасці і Баранавічах.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя