Марына Лобава: Мяне абшуквалі міліцыянты мужчынскага полу



Ператрус на кватэры аднаго з лідараў Маладога Фронту. Увечары ў чацвер супрацоўнікі МУС гвалтам забралі асабістыя рэчы бацькоў Эдуарда Лобава. Як кажа маці маладафронтаўца і былога палітычнага зняволенага Марына Лобава, міліцыянты тлумачылі ператрус тым, што супраць Эдуарда пачатая крымінальная справа па факце ўдзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне.

– Забралі працэсар ад кампутара, забралі мой ноўтбук, забралі ноўтбук майго мужа, адзінае што забралі сына – гэта флэшку. Майкі забралі „Свабоду Васьковічу”, яны ім не спадабаліся, забралі кнігі Маладога фронту “Наша вясна”, кнігу цытатаў Лукашэнкі. З маёй унутранай кішэні курткі забралі тэлефон, на гэта ўвогуле не было пастановы – на асабісты вобшук. Яны парушылі закон. Забралі тэлефон сілай, прычым супрацоўнікі міліцыі мужчынскага полу, мяне павінны былі абшукваць жанчыны.

Перад ператрусам супрацоўнікі МУС забаранілі жанчыне выклікаць адваката. Марына Лобава збіраецца падаць скаргу на супрацьпраўныя дзеянні міліцыянтаў.

Як паведамляе прэс-служба Маладога Фронту, учора паспрабавалі дапытаць таксама кіраўніка арганізацыі, былога палітвязня Змітра Дашкевіча. У абодвух выпадках прычынай была названая грамадзянская пазіцыя маладафронтаўцаў па Украіне.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя