Маштабны пажар у Чарнобыльскай зоне каля „радыяцыйнага лесу”



5 чэрвеня ў Чарнобыльскай зоне ўкраінскія ратавальнікі тушаць маштабны пажар, які ахапіў каля 10 гектараў лесу. УНІАН паведамляе, што ўзгаранне адбылося каля пахаванай вёскі Копачы Іванкаўскага раёна. Недалёка ад яе знаходзіцца так званы „руды лес” — у выніку звышмагутнага радыяцыйнага выпраменьвання пасля выбуху на ЧАЭС у 1986-м дрэвы загінулі, іх закапалі бульдозерамі.

У ліквідацыі пажару (ён пачаўся з узгарання сухой травы, пасля агонь перакінуўся на лес) задзейнічаныя тры дзясяткі наземнай тэхнікі, верталёт, самалёт і больш за сотню чалавек. Авіяцыя скінула дзясяткі тон вады. На месцы працуюць дазіметрысты, якія сочаць за радыяцыйным фонам.

Фота: facebook.com/levina.ns