Масленіца-палізуха святкуецца на Слонімшчыне



У суботу, 21 лютага, у многіх навучальных установах і вёсках Слонімшчыны адбылася Масленіца-палізуха, як кажуць вяскоўцы, што сыр-масла палізала. Але найбольш весела і шумна Масленіца прайшла на цэнтральнай плошчы ў Слоніме.

Гульні, забавы, пацехі, гандаль рознымі вырабамі і сувенірамі, а таксама частаванне шашлыкамі і блінамі адбываліся на плошчы амаль ўвесь дзень.

Мясцовыя артысты спявалі і таньчылі перад сваімі землякамі, а дзеткі гулялі з прыгожымі рознакаляровымі балонікамі.

Арганізатары свята праводзілі вясёлыя конкурсы, сярод якіх былі і конкурсы на лепшыя прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя Масленіца.

У гэты дзень пашанцавала пачуць і такія: будзе Масленка, будзе ля пупа красненька, Масленка з блінамі, а пост з грыбамі, Масленка-палізуха, працягніся хоць да Духа, калі Масленіца ў маладзіку, сей вясною пшаніцу ва ўсю руку…

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім

 

Фота аўтара.