«Матчын рух 328»: Удзельніцы галадоўкі зноў едуць да Качанавай



Удзельніцы галадоўкі руху «Матчын рух 328» збіраюцца 11 траўня прыехаць у Менск, каб дамагацца ад кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай адказу на свае патрабаванні. Пра гэта БелаПАН паведаміла ініцыятар акцыі пратэсту Таццяна Канеўская, якая галадае ў Калінкавічах.

Па словах жанчын, 2 траўня на сустрэчы з імі Качанава паабяцала даць пісьмовы адказ на іх патрабаванні, але ніякага адказу не было.

«Чарговы раз наведаў старшыня Калінкавіцкага райсавета дэпутатаў Віктар Замосцік. Ён сказаў, што на гэтым тыдні адказ з Адміністрацыі прэзідэнта дакладна не прыйдзе, таму што ёсць 15 дзён на разгляд звароту. Хутчэй за ўсё, адказ з Адміністрацыі прыйдзе толькі на наступным тыдні — маўляў, высокія чыны рыхтуюць разгорнуты адказ. Таму прынялі рашэнне паехаць у пятніцу ў Адміністрацыю прэзідэнта. Будзем там у 16:00», — распавяла Канеўская.

Каля Адміністрацыі прэзідэнта ўдзельніцы галадоўкі таксама плануюць збіраць подпісы за адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Паводле БелаПАН