Матрыксы для зрошчвання костак стварылі навукоўцы БДУ



Хімікі Белдзяржуніверсітэта ў складзе міжнароднага калектыву працуюць над стварэннем біяраскладальных каркасаў для зрошчвання костак. Склад распрацоўшчыкаў прадстаўлены таксама навукоўцамі з Расеі, Германіі і Ірландыі.

Сёння для артапедыі і хірургіі актуальнай з’яўляецца праблема паскарэння гаення касцяных тканак пасля цяжкіх пераломаў, прыроджаных паталогій і бягучых артапедычных захворванняў. Калектыў навукоўцаў прапануе на месца пашкоджанага касцявога ўчастка ўжыўляць полілактыдны матрыкс. Гэта аб’ёмная трохмерная порыстая канструкцыя з біяраскладальнага палімера, якая з дакладнасцю да некалькіх нанаметраў індывідуальна «адліваецца» пад канкрэтнага пацыента. Форма, памер залежаць ад характару і спецыфікі пашкоджанняў. Матрыкс выконвае падвойную функцыю – апорную і аднаўленчую. З аднаго боку, не патрабуецца гіпсавая фіксацыя, а з другога, адбываецца стымуляванне росту клетак і паскарэнне працэсу гаення.

Ужыўляюцца матрыксы на месца траўмы хірургічным шляхам. На працягу месяца адбываюцца рэгенерацыя раны і ўтварэнне новых тканак. У далейшым выманне гэтай канструкцыі не патрабуецца, паколькі яе склад забяспечвае біясумяшчальнасць, раскладальнасць і нетаксічнасць.

У групе міжнароднага калектыву навукоўцы БДУ адказваюць за распрацоўку складу матрыкса. Матэрыял для іх вырабляецца з палімера, атрыманага ў НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ.

У цяперашні час навукоўцы правялі даклінічныя выпрабаванні і працуюць над дадаваннем у матрыкс антыбіётыкаў для зніжэння рызыкі інфікавання пры хірургічнай аперацыі.

Пры паспяховай рэалізацыі навуковага праекта інавацыя будзе прапанаваная медыкам для яго далейшай апрабацыі і ўкаранення ў практыку.

zviazda.by