Маці-адзіночка з Гомеля Наталля Белая судзіцца з чыноўнікамі



Гамяльчанка патрабуе адну тысячу рублёў кампенсацыі ад аддзела адукацыі Савецкага раёна. Маці-адзіночка Наталля Белая судзіцца з чыноўнікамі, якія прыстрашылі пастаноўкай яе сям’і на ўлік як сацыяльна небяспечную.

Жанчына ў траўні страціла працу, а ўжо праз два тыдні атрымала прадпісанне ад дырэктаркі дзіцячага сада №160 тэрмінова працаўладкавацца. Паводле Наталлі Белай, такія дзеянні аддзела адукацыі можна кваліфікаваць як умяшальніцтва ў прыватныя справы:

– Я хачу ад аддзела адукацыі, каб яны пакінулі мяне і маю сям’ю ў спакоі, каб яны не ўрываліся ў маё асабістае жыццё, у асабістае жыццё іншых сем’яў, не важна, ці разведзеныя бацькі, ці не, каб далі нам спакойна жыць. Пакуль не магу больш казаць адносна маёй заявы і маіх доказаў. Я думаю, што ў мяне ўсё атрымаецца.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка аказвае юрыдычную дапамогу адзінокай маці. Ён заўважае, што сацыяльныя службы часта злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі:

– Дэкрэт прэзідэнта №18 утрымлівае закрыты пералік выпадкаў, калі такое права ўзнікае. Напрыклад, калі бацькі вядуць амаральнае жыццё, калі яны злоўжываюць алкагольнымі напоямі, ці іншы лад жыцця, які ставіць дзіця ў небяспечнае становішча. Працаваць, ці не працаваць не з’яўляецца абавязкам у нашай краіне паводле Канстытуцыі.

Працяг судовага пасяджэння адбудзецца 16 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Гомеля.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота gomel.today