Маці анархіста Рамана Халілава арыштавалі на 10 сутак



Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў пятніцу ў судзе Полацкага раёна разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Гаянэ Ахціян — маці анархіста Рамана Халілава.

Гаянэ Ахціян. Фота прадастаўлена reform.by Раманам Халілавым

26 лістапада сілавікі выламалі дзверы кватэры Гаянэ і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі і завезлі ў Полацкі ГАУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Ахціян пакінулі ў ГАУСе да суда.

Суд Полацкага раёна пакараў жанчыну 10-сутачным арыштам.

Сын Гаянэ, Раман Халілаў, з’яўляецца актывістам анархісцкага руху. Раней ён уцёк з Беларусі. Пасля гібелі ў Мінску Андрэя Зельцэра Халілаў з яшчэ адным актывістам правялі акцыю ў ягоную памяць каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Пасля гэтага Следчы камітэт узбудзіў супраць іх крымінальную справу аб распальванні варожасці.