Маці палітвязня Ігара Салаўя: Настрой у сына баявы



Палітвязня, сябра Руху „За Свабоду” Ігара Салаўя трымаюць за кратамі больш за паўгода па „пінскай справе” і абвінавачваюць у масавых беспарадках за падзеі 9 жніўня.

Яго маці Марыя распавяла, што змянілася ў яе жыцці за гэты час, і які настрой у яе і сына:

– Пішу лісты яму, пасля працы еду адпраўляю яму на Цэнтральную пошту, каб ён мог іх ужо на наступны дзень атрымаць. У паштовую скрыню баюся кідаць, раптам не дастануць. Раз на два тыдні возім перадачы ў Баранавічы. Мела спатканне з ім дзесьці ў лютым. У яго настрой баявы. Ён асабліва не сумуе. Падтрымлівае тых хлопцаў маладых, якім па 18 – 19 гадоў, што ўсё хутка скончыцца, іх выпусцяць на волю ўсіх і ўсё будзе добра.

Ігар Салавей з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы па артыкуле 293 частка 2-я (“Масавыя беспарадкі”) за гучную акцыю пратэсту ўноч з 9-га на 10-га жніўня. Яго затрымалі 3 верасня ва ўласнай кватэры. Верагодна, што яго вылічылі па відэазапісах. У тым жа месяцы беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем. Разам з ім у баранавіцкай калоніі знаходзяцца яшчэ дванаццаць пінчукоў паводле той жа крымінальнай справы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя