Маці Рамана Бандарэнкі просіць пра дапамогу
Маці загінулага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі просіць пра дапамогу. Як паведамлялася, расследаванне крымінальнай справы па факце смерці Рамана прыпынілі. Генеральная пракуратура Беларусі тлумачыць гэта «неўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
Алена Бандарэнка разлічвае на незалежнае расследванне:
– Вельмі прашу вас, калі вы ці хто-небудзь з вашых знаёмых былі відаводчамі падзеяў 11 лістапада 2020 года з 22.00 да 24.00, якія адбываліся ў раёне “плошчы Перамен”, Цэнтральнага РАУС, можа быць, вы заходзілі ці выходзілі з крамы “Гіпа” па вуліцы Чарвякова, можа быць, вы паркаваліся і заязджалі на паркоўку, ці выязджалі з аўтапаркінга па вуліцы Чарвякова, у вас было начное дзяжурства ў бліжэйшых аб’ектах, вы гулялі з сабакам, у вас працаваў відэарэгістратар у прыпаркаванай машыне – вялікая просьба адгукнуцца на мой зварот. Таму што, магчыма, вы, ваша сведчанне дапаможа ў расследаванні справы і ўстанаўленні вінаватых асобаў ва ўчыненні выкрадання майго сына і забойства майго сына.
Нагадаем, што ініцыятыва былых сілавікоў ByPol апублікавала запісы размоваў прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і хакейнага функцыянера Дзмітрыя Баскава. З аўдыёзапісу вынікае, што абое былі ў вечар затрымання Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». Гэта стала адной з прычынаў, чаму Міжнародная федэрацыя хакею дыскваліфікавала Баскава. Таксама сцвярджалася, што на месцы трагедыі быў спартовец Дзмітрый Шакута.
Беларускае Радыё Рацыя
