Медыкі раяць быць асцярожнымі з кавунамі



На рынках краіны выяўлены кавуны з утрыманнем вялікай колькасці пестыцыдаў. Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Як высветлілася, іх завезлі з Турцыі, таму пакупнікам варта ўлічваць гэтую інфармацыю, раяць медыкі.

„Асцярожнасць пры набыцці і ўжыванні паўднёвай садавіны – ніколі не зашкодзіць”, – адзначае супрацоўніца санітарнай службы Вера Моўчан:

– Канешне асцярожна трэба ставіцца да прывазных кавуноў, дыняў. Пастарайцеся не захапляцца, але калі вы набылі кавун ці дыню, то калі ласка дакладна вымыйце іх з мылам і ніколі не надразайце іх на базары правяраючы іх спеласць. Надрэзаўшы брудную садавіну нажом, мікробы занясеце ўнутр, можаце захварэць.

Таксама медыкі нагадваюць, што не варта набываць абы-якую прадукцыю, каля аўтамабільных дарог і ў месцах, якія не вызначаныя для гандлю, а значыць, не маюць адпаведных санітарных умоў.

Беларускае Радыё Рацыя