Менчук падпаліў сябе на Кастрычніцкай плошчы
Прыкладна ў 17.15 на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы невядомы мужчына падпаліў сябе. Пра гэта паведамілі відавочцы ў сацсетках. Побач у гэты час здарэння апынуліся двое супрацоўнікаў АМАП: яны хутка сарвалі падпаленую вопратку і патушылі. Усё працягвалася паўтары хвіліны, паведамляе tut.by.
Усё адбылося ля знака «Нулявы кіламетр».
Пазней, у вячэрнім выпуску «Панарамы» на тэлеканале «Беларусь 1» распавялі, што гэта надзвычайнае здарэнне ў пэўным сэнсе — жэст адчаю мужчыны.
Каля 10 гадоў ён быў жанаты, у шлюбе нарадзілася дзіця. Пазней пара развялася. Суд вызначыў кратнасць сустрэч бацькі з дзіцем, але іх колькасцю мужчына застаўся незадаволены. Ён абскардзіў гэта ў Вярхоўным судзе, але рашэнне засталося ранейшым. Пасля гэтага менчук спрабаваў дамагчыся свайго, звяртаючыся ў Адміністрацыю прэзідэнта, але ўсё безвынікова.
Тады мужчына адправіўся на Кастрычніцкую плошчу, абліў сябе бензінам і падпаліў. Супрацоўнікі АМАП патушылі агонь, пацярпелы цяпер знаходзіцца ў бальніцы.
