Менчукі распрацавалі макет для ліфта з выявай Фарнага касцёла



Удзельнікі менскага праекта „Арт-ліфт” распрацавалі макет з выявай гарадзенскага Фарнага касцёла для ліфта аднаго са шматпавярховікаў у Менску. Культурна-экалагічны праект займаецца добраўпарадкаваннем ліфтаў, выкарыстоўваючы гістарычныя і экалагічныя малюнкі.

Распрацоўваючы макет Фарнага касцёла, мастак-афарміцель Антон Янушэўскі выкарыстаў літаграфію з малюнка вядомага беларускага мастака, піяніста, кампазітара Напалеона Орды „Гародня. Іезуіцкі кляштар і Касцёл св. Францішка” (1861−1869) з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. На сваіх малюнках ён перадаваў непаўторную жывапісную панараму тых месцаў, дзе падарожнічаў у 1840−80 гадах.

Аўтары ўпэўнены, што ліфт з такім малюнкам паслужыць не толькі ўпрыгожваннем дома, але і будзе папулярызаваць гісторыка-культурную спадчыну краіны сярод жыхароў Менска.

hrodna.life