Менгарсуд пакінуў без зменаў прысуд Лявону Халатрану



30 красавіка Менскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыйную скаргу валанцёра штаба Бабарыкі Лявона Халатрана на прысуд Фрунзенскага суда, які пакараў мужчыну двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Лявона Халатрана вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэксу: нібыта ён перакрываў дарогі ў раёне вуліцаў Куйбышава-Машэрава, перашкаджаў транспарту, выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні ў ноч з 9 на 10 жніўня. Лявон сваёй віны не прызнаў.

Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.

19 лютага суд прызначыў палітвязню пакаранне ў выглядзе двух гадоў „хіміі”, менавіта такі вырак запрасіў пракурор.

Сёння Менскі гарадскі суд пастанавіў пакінуць рашэнне Фрунзенскага суда без зменаў, а скаргу Лявона Халатрана без задавальнення.

spring96.org