Менгарвыканкам адкарэктаваў планы заяўнікаў „ЧШ”



Менгарвыканкам адкарэктаваў планы заяўнікаў „Чарнобыльскага шляху — 2018”, у тым ліку маршрут і час правядзення акцыі 26 красавіка.

Заяўнікі прасілі сталічныя ўлады дазволіць збор удзельнікаў ля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, правядзенне там мітынгу, а затым шэсце па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да памятнага знака ахвярам Чарнобыля, дзе пройдзе мітынг з ускладаннем кветак.

20 красавіка пяць з сямі заяўнікаў акцыі наведалі Менгарвыканкам, дзе ім далі адказ на заяўку. Сталічныя ўлады дазволілі збор удзельнікаў з 18.00 да 18.30 ля кінатэатра „Кастрычнік”, правядзенне дэманстрацыі па тратуарах праспекта Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўскай да перасячэння з вуліцай Карастаянавай. Тут ля памятнага знака ахвярам Чарнобыля (каля царквы абраза Божай Маці „Спатоленне загінулых”) дазволены мітынг з ускладаннем кветак з 20.00 да 20.30.

Заяўка на правядзенне акцыі была перададзеная ў Менгарвыканкам 3 красавіка. Яе падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацый, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

„Чарнобыльскі шлях” — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця з мітынгам. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

belapan.by