Менгарвыканкам будуць судзіць



12 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Менска адбудзецца разгляд скаргі адказнага сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскага на неправамоцныя дзеянні Менгарвыканкама. Гарадскія ўлады далі адказ  на заяўку арганізатараў Дня Волі толькі ўвечары 24 сакавіка, пры гэтым кардынальна змяніўшы і час, і месца акцыі.

— Прыйшла нарэшце павестка, запрашэнне ў суд. Я падаваў як заўянік на Менгарвыканкам за акцыю 25-га сакавіка, абскарджваючы па-першае парушэнне закона Аб масавых мерапрыемствах, калі яны не далі за 5 дзён адказу, а па-другое, за тое, што ў выніку яны ўсё ж змянілі час і месца, што мы таксама лічым неабгрунтаваным. Але тут галоўнае, што яны сур’ёзна падставіліся наўпрост парушыўшы закон. Як яны будуць з гэтага выкручвацца я не ведаю, але думаю, нешта яны прыдумаюць.

„Разумеем, што незалежных судоў няма, тым не менш,  не павінны мірыцца з нахабным парушэннем закону тымі, хто павінен яго кантраляваць і выконваць”, — дадае адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя