Менгарвыканкам пачаў закрываць крамы з неачышчанымі дахамі
На аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме 18 студзеня прынятае рашэнне прыпыняць працу гандлёвых аб’ектаў з не ачышчанымі ад снегу дахамі.
Першым пад санкцыю трапіў гіпермаркет «Гіпа» па вуліцы Гарэцкага ў мікрараёне Уручча, дзе 17 студзеня ад падзення снегу пацярпела дзяўчынка-падлетак.
Як паведаміў БелаПАН памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Дамбоўскі, такое рашэнне абумоўленае ўзмацненнем мер бяспекі ў грамадскіх месцах.
„Маніторынг праводзіць МНС сумесна з Менскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, — сказаў ён. — Факты выяўлення ў гандлёвых аб’ектах парушэнняў, звязаных з несвоечасовым прыбіраннем снегу з дахаў і тэрыторый, з фотафіксацыяй будуць накіроўвацца ў адміністрацыі раёнаў. Далей камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыях будуць выносіць рашэнні па гэтых аб’ектах”.
Дамбоўскі падкрэсліў, што праца гандлёвых аб’ектаў будзе прыпыняцца да ўстаранення парушэнняў.
„Галоўная задача — арганізаваць бяспеку людзей, — адзначыў ён. — Падзенне з дахаў ледзяшоў або снегу — гэта меншае з наступстваў невыканання мер бяспекі, самае страшнае — абвальванне даху, асабліва з лёгкіх навясных канструкцый. І калі адміністрацыі магазінаў не жадаюць разумець пагрозу, будзем дзейнічаць жорстка, але абгрунтавана”.
Паводле слоў прадстаўніка МНС, адзін кубаметр свежага снегу важыць ад 50 да 100 кг, які выпаў у мяцеліцу — 120—180 кг, які тае і спрасаваны ў лёд — ад 350 да 600 кг.
Дамбоўскі дадаў, што маніторынг будзе праводзіцца да таго часу, пакуль сітуацыя ў горадзе не нармалізуецца.
Нагадаем, 17 студзеня ў Менску зафіксаваныя два выпадкі падзення наледзі на дзяцей. У першым выпадку наледзь ўпала з брыля балкона ў жылым шматкватэрным доме па праспекце Ракасоўскага, 4, к. 4, на руку дзіцяці 2007 года нараджэння. Дзяўчынку з пераломам пальца шпіталізавалі ў 6-ю клінічную бальніцу. Другі выпадак здарыўся на вуліцы Гарэцкага, 2, у гіпермаркеце „Гіпа”. Снег упаў з элемента будынка на галаву дзяўчынкі 2002 года нараджэння. Падлетка з ударамі мяккіх тканак галавы даставілі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.
