Менгарвыканкам забараніў шэсце на Дзень Волі



Менгарвыканкам адмовіўся выдаць дазвол на правядзенне шэсця ў Дзень Волі, які прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Беларусі традыцыйна адзначаюць 25 сакавіка. Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай атрымаў 7 лютага адзін з заяўнікаў шэсця, актывіст руху „За Свабоду” Аляксандр Русевіч.

Як паведамляе прэс-служба руху „За Свабоду”, у лісце адзначаецца, што заяўка на правядзенне шэсця ў Дзень Волі „не ўтрымлівае заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства і інфармацыі, якая прадугледжаная для такіх зваротаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах”.

Акрамя гэтага, улады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што „арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках пра дату, месца і час яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы”.

На падставе гэтага, як паведамляе Менгарвыканкам, „станоўча вырашыць пытанне” пра дазвол шэсця ў Дзень Волі „не ўяўляецца магчымым”.

У сваю чаргу заяўнікі сцвярджаюць, што яшчэ 6 студзеня ўвесь пакет неабходных дакументаў, уключаючы заяўку і забавязанні, чыноўнікам перадаў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ягор Віняцкі. „Менгарвыканкам, хутчэй за ўсё, „згубіў” дакументы адмыслова. Гэтая сітуацыя магла адбыцца таму, што чыноўнікі апошнім часам пазбягаюць кантактаў з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакументы ў агульнай скрыні каля ўваходу”, — так пракаментаваў сітуацыю старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Сёння аргкамітэт па правядзенні Дня Волі плануе сабрацца, каб абмеркаваць пазіцыю гарадскіх уладаў і прыняць рашэнне з нагоды сваіх дзеянняў 25 сакавіка.

Паводле БелаПАН

[manual_related_posts]