Менск пяройдзе на новы спосаб ачышчэння водаправоднай вады



На працягу 2019 года ў Менску пяройдуць на новы спосаб ачышчэння водаправоднай вады, паведаміла на прэс-канферэнцыі 27 лютага намеснік начальніка вытворчасці „Мінскводаправод” прадпрыемства „Мінскводаканал” Наталля Сазанава

Пераход з вадкага хлору на гіпахларыт натрыю анансаваўся яшчэ ў 2017 годзе. Тады планавалася пачаць ачышчэнне новым спосабам у 2018 годзе. 

Паводле слоў Сазанавай, на ачышчальнай водаправоднай станцыі мантуецца абсталяванне. „Пераход на гіпахларыт натрыю — перспектыва 2019 года. Увесну павінна пачацца пусканаладка гэтага абсталявання, і на працягу года мы гэты праект рэалізуем”, — сказала яна. 

Семдзесят працэнтаў горада забяспечваецца пітной вадой з падземных артэзіянскіх свідравін, 30%, да якіх адносіцца Фрунзенскі раён і частка Маскоўскага, — з паверхневай крыніцы. 

„У водазаборах паўднёвай часткі горада ў вадзе з-за нейкіх геалагічных асаблівасцяў глебы назіраецца павышанае ўтрыманне жалеза, — адзначыла Сазанава. — Станцыі абезжалезвання пабудаваныя як з выкарыстаннем адкрытых фільтраў, паводле старой, глыбока вывучанай тэхналогіі, так і паводле новых тэхналогій напорнай фільтрацыі”. 

У паўночна-ўсходняй частцы горада (Уручча і Зялёны Луг) геалагічная асаблівасць пластоў глебы такая, што падземная вада, якую падымаюць помпы, адпавядае ўсім нормам. Таму ніякія працэсы водападрыхтоўкі не ажыццяўляюцца, вада наўпрост праз рэзервуары падаецца спажыўцам. 

На балансе „Мінскводаканала” 354 свідравіны. З іх 190 працуюць штодня. Дзейнічаюць 14 водазабораў, 11 з іх буйныя. На прадпрыемстве створана 14 праграм кантролю пітной вады, які праводзяць штодня. „Маніторынг якасці вады на сёння не выяўляе ніякіх адхіленняў ад нормаў аховы здароўя”, — заявіла Сазанава. 

Начальнік хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі „Мінскводаканала” Наталля Грушнік паведаміла, што за год адбіраецца прыблізна 111 тыс. проб вады, работы па кантролі якасці вады ў сталіцы перавыконваюцца на 20-25%. 

Выканаўца абавязкаў загадчыка аддзялення камунальнай гігіены ўрач-гігіеніст Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Спургяш пацвердзіў, што і ў цэлым па краіне пітная вада з цэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння, у прыватнасці камунальных водаправодаў, характарызуецца высокай эпідэміялагічнай надзейнасцю. „На працягу больш як 10 гадоў доля нестандартных проб па мікрабіялагічных паказчыках з камунальных водаправодаў складае менш за 1%. Паводле міжнародных рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэты паказчык дапускаецца да ўзроўню не больш як 5%”, — заявіў ён.

belapan.by