Менск святкуе 950-годдзе



Беларуская сталіца святкуе 950-годдзе.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Упершыню Менск згадваецца ў летапісах 3 сакавіка 1067 года, калі была бітва на Нямізе. Праўда, вясной дзень нараджэння горада адзначаюць толькі намінальна, а асноўнае святкаванне праходзіць у другую нядзелю верасня.

Менавіта такую дату вызначылі ў 2002 годзе па ініцыятыве экс-кіраўніка сталіцы Міхаіла Паўлава і экс-старшыні Менгарвыканкама Уладзіміра Папкоўскага.

У  горадзе пройдзе больш за 80 культурна-масавых і спартыўных святочных мерапрыемстваў.

У суботу, 9 верасня, святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх дзевяці раёнах Менска, але галоўныя падзеі як звычайна будуць у цэнтры.

У 10.00 каля Палаца спорту пачнецца свята хлеба падчас якога будзе прадстаўлены 250-кілаграмовы торт. Ім у 13.00 будуць частаваць усіх ахвотных.

 У 11.30 на скрыжаванні Пераможцаў і Машэрава стартуе рыцарскі фэст, у 20.00 каля Палаца спорту выступіць J-Морс з прэзідэнцкім аркестрам, а скончыцца ўсё салютам а 23 гадзіне.

Традыцыйна свая праграма будзе ў суботу і ў Верхнім горадзе, дзе з 12 да 23 гадзін пройдзе фестываль мастацтваў беларусаў свету. Акрамя таго, з 16 да 20.00 над сталіцай праляцяць дзясяткі паветраных шароў.

Беларускае Радыё Рацыя, паводле tut.by