Менская крама „Мой модны кут” абвясціла пра закрыццё



Абвясціла пра закрыццё менская крама па продажы тавараў у нацыянальным стылі „Мой модны кут”, якой зацікавіліся кантрольныя структуры.

„Наша крама „Мой модны кут” будзе зачынена да лепшых часоў. Хаця б да тых, пакуль сэрца і душа нашай крамы не выйдуць на свабоду. Моцна выбачаемся перад тымі, хто хацеў б набыць годныя рэчы, а таксама перад тымі, хто ўжо аплаціў і чакае дастаўку альбо самавываз: зараз мы не можам гэта ажыццявіць, але як толькі з’явіцца магчымасць, усё выканаем. Тым, каму патрэбна будзе павяртаць грошы, — павяртаем. Спадзяемся, што вы ведаеце ўсю сюррэальнасць нашай сітуацыі”, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы крамы ў Instagram.

Крама „Мой модны кут” прадае адзенне, галаўныя ўборы, упрыгажэнні, посуд, канцтавары, сувеніры і шмат іншага ў нацыянальным стылі, з традыцыйнымі беларускімі прынтамі і надпісамі, у тым ліку з гербам „Пагоня”. Крама зарэгістраваная ў Мінгарвыканкаме ў 2013 годзе, размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры „Маскоўска-Венскі” на праспекце Незалежнасці. З 2018 года працуе таксама анлайн.

25 студзеня ў краму, якой валодае індывідуальны прадпрымальнік Валерый Есіпёнак, з праверкай прыйшлі прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Мінгарвыканкама і іншых структур. Паводле слоў уладальніка, была канфіскаваная „незарэгістраваная сімволіка”.

На наступны дзень жонка Валерыя Есіпёнка Алена Есіпёнак была затрыманая ў краме, а яе муж — 28 студзеня ў судзе Савецкага раёна, куды ён прыйшоў на разгляд яе справы. Справа накіраваная на дапрацоўку, але жанчыну пакуль не вызвалілі.

belapan.by