Генерал Андэрс лічыў беларусаў вельмі добрымі жаўнерамі
З лёсам беларусаў, якія ў часы Другой сусветнай вайны змагаліся з нацыстамі ў шэрагах Другога польскага корпусу ў Афрыцы і Італіі, знаёміць выстава ў сталічным Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Распавядае аўтар выставы гісторык Ігар Мельнікаў:
– У савецкіх уладаў быў план стварыць польскае войска з тых палонных, якіх атрымалася ўзяць у 39-ы годзе. У 1941 годзе прыспеў час, і тады гэтым пачалі займацца. Самы цікавы момант у тым, што з самага пачатку генерал Андэрс падкрэсліваў, што жадае як мага больш бачыць у сваім войску беларусаў. Сталін сказаў: навошта вам жаўнеры беларусы, украінцы, габрэі? Вам патрэбны палякі. Палякі лепшыя жаўнеры. Андэрс адказаў: я ведаю беларусаў, таму што беларусы былі вельмі добрымі жаўнерамі яшчэ ў верасні 1939 года. Генерал сапраўды ўдзельнічаў у абароне Млавы ў складзе Навагрудскай брыгады кавалерыі, і там было досыць шмат беларусаў.
Беларускія жаўнеры, якія змагаліся з нацызмам у складзе войскаў саюзнікаў на заходніх франтах і вярнуліся пасля вайны дахаты, былі высланыя ў Сібір. Рэабілітавалі іх толькі пасля смерці Сталіна. Статус ветэранаў яны нарэшце атрымалі ў незалежнай Беларусі.
Дачка генерала Андэрса прыняла ўдзел у адкрыцці выставы ў Менску. Photo: minsk.msz.gov.pl
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя
