Менскія вуліцы Камсамольская і Рэвалюцыйная набылі новы выгляд



У Менску новы выгляд займелі цэнтральныя вуліцы Камсамольская і Рэвалюцыйная.

Цяпер яны пешаходныя. Абноўлены выгляд вуліц, у прыватнасці, радуе гістарычнымі назвамі вуліц, якія пакуль яшчэ носяць бальшавіцкія назвы. Таксама на будынках можна ўбачыць, каму і чым яны служылі. Аднак не ўсё новае спадабалася менчукам. Многія здзіўлены размяшчэннем ліхтароў, зліўных каналаў, а на накрыўцы люка, якая паведамляе пра першую менскую электрастанцыю, ёсць памылкі адразу ў трох(!) мовах. Такія люкі знаходзяцца ў некалькіх месцах дзвюх вуліц. Памылка ў арабскім напісанні і напісанні на ідыш, на гэтых мовах няправільна пададзена назва горада, бо, як вядома, арабскае і габрэйскае напісанні ідуць справа налева, а не злева направа, як у беларусаў.

Пры гэтым памылка прысутнічае і ў беларускай мове. У слове “ўведзена” не стаіць “у нескладовае”, хаця яно ідзе пасля слова “годзе”. Дарэчы, роднай мовы ў назвах тутэйшых кавярняў і салонаў папросту няма. Беларуская ёсць толькі ў шыльдах на вуліцы і на пастаўленым на скрыжаванні гадзінніку, ад якога можна прачытаць указальнікі, дзе якія славутасці знаходзяцца.

Рэканструкцыя вуліц, нягледзячы на заяўленае адкрыццё, яшчэ не скончаная. Рабочыя штодня дарабляюць плітку і некаторыя будынкі па вуліцах.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара