Мікалай Аўтуховіч: Маршы дармаедаў – халастыя стрэлы



Былы палітычны вязень і прадпрымальнык Мікалай Аўтуховіч лічыць, што запланаваныя акцыі супраць Дэкрэта №3 аб “дармаедстве”, якія плануюцца ў лютым і сакавіку 2017 года, будуць халастымі стрэламі. На яго думку, калі арганізатары будуць іх ладзіць, яны падставяць людзей.

Кажа Мікалай Аўтуховіч:

– Я не забараняю людзям выходзіць пратэставаць. Я папросту за тое, каб людзі выразна разумелі, навошта гэта ўсё. Бо практыка паказвае, што ніводная акцыя апошнім часам не прыносіла ніякага поспеху. Заяўнікі акцыі заклікаюць людзей прыйсці, і нават не заклікаюць, а падладжваюцца пад людзей. Мэты – не бачу, плана – не бачу, адказнасці за акцыю – не бачу.

Аднак Аўтуховіч лічыць, што акцыі ўсё роўна адбудуцца і на іх прыйдзе шмат новых асобаў, асабліва з малых гарадоў і мястэчак, дзе зараз амаль няма працы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня