Мікалай Аўтуховіч: Такія чыноўнікі ганьбяць краіну…



Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядае пра чарговую спробу знайсці справядлівасць у беларускіх судах.

Сёння ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд справы па адмове Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”. Гэта была ўжо другая адмова ў рэгістрацыі аб’яднання.

Мікалай Аўтуховіч: На судзе заслухалі спачатку мяне, а затым прадстаўніка Мінюста. Увогуле, працэс яшчэ раз паказаў усю абсурднасць сітуацыі. Напрыклад, у міністэрства з’явіліся прэтэнзіі да таго, што ў назве арганізацыі прысутнічае слова “камітэт”. Маўляў, ёсць пастанова Мінюста, згодна з якой на гэтае слова аб’яўлена дзяржаўная манаполія, і яго нельга ўжываць пры рэгістрацыі іншым структурам. Але чаму я павінен кіравацца нейкімі пастановамі міністэрства, калі ёсць указ кіраўніка краіны і Канстытуцыя? І там ні слова не сказана пра нейкія абмежаванні з гэтай нагоды. Дарэчы, падчас першай адмовы ў рэгістрацыі не было абсалютна ніякіх прэтэнзій да гэтага слова “камітэт”. А зараз ужо іншы “кансультант” прыйшоў на суд, і ў яго іншыя патрабаванні. Заўтра, калі мы захочам трэці раз падаць дакументы на рэгістрацыю, прыйдзе трэці прадстаўнік Мінюста са сваімі новымі прэтэнзіямі. Гэта нейкі тэатр абсурда!   

РР: Былі ж прэтэнзіі і да таго, што ў некаторых заснавальнікаў грамадскага аб’яднання няправільна ўказалі месца працы.

Мікалай Аўтуховіч: Тут таксама поўны абсурд. Першы раз нам адмовілі ў рэгістрацыі, бо некаторыя прадпрымальнікі, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, напісалі, што не працуюць. Па сутнасці гэта так, бо на стадыі ліквідацыі чалавек не можа весці ніякую дзейнасць, ён не плаціць падаткі. Аказалася, што так няправільна. Прадстаўнік Мінюста сказаў, што месца працы трэба пазначыць, як індывідуальны прадпрымальнік. А зараз аказваецца, што трэба было пісаць “індывідуальны прадпрымальнік у працэсе ліквідацыі”.

РР: Адным словам, няма ва ўладаў вялікага жадання вас зарэгістраваць?

Мікалай Аўтуховіч: Пакуль я бачу толькі вялікае жаданне не дапусціць нашай рэгістрацыі. І ўсе гэтыя спасылкі на закон – не больш, чым добрая міна пры дрэннай гульні. Што, таму ж чыноўніку Мінюста цяжка было нам нешта падказаць, каб мы хуценька ўсё выправілі? Як жа, дачакаешся… Ім трэба, каб ты прыносіў дакументы столькі разоў, каб у вачах пацямнела, і вы проста плюнулі б і на жаданне зарэгістравацца, і наогул на веру ў справядлівасць. Такія чыноўнікі толькі ганьбяць краіну, я на судзе так і сказаў. Паглядзім, што вырашыць суд. Працэс працягнецца 17 лютага ў 15.00.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя