Мікалай Лаўранюк, які адмаўляецца мяняць пашпарт, дамогся пенсіі



Жыхар Берасця Мікалай Лаўранюк з сакавіка пачне атрымліваць пенсію. Ён змагаўся за яе атрыманне больш за восем гадоў.

^7EDECF1C37B743B2743395D06956221A8088DA5D0E79042B4B^pimgpsh_fullsize_distr

Пенсія яму не налічвалася з прычыны адмовы памяняць пашпарт савецкага ўзору на новы – беларускі,  з ідэнтыфікацыйным нумарам, дзе ёсць набор лічбаў 666 – знак д’ябла, заяўляе Мікалай Лаўранюк:

– Хаця мой пашпарт самым належным чынам аформлены, ёсць усе рэквізіты ў ім, ён пацвярджае асобу. Мне паставілі штамп, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, і пастаўленая пячатка, якая завярае грамадзянства.

Прававы інспектар прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Уладзімір Малей, які ўсе гэтыя гады дапамагаў Лаўранюку, лічыць, што справа зрушыла з месца і прывяла да станоўчага выніку, дзякуючы звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН:

– Мы звярнуліся ў суд, аднак нам адмовілі. Звярталіся да дэпутатаў, у Савет Міністраў, у патрыярхат, экзархат, але ніхто на гэта не рэагаваў. І тады я падрыхтаваў паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН.

У Беларусі такіх людзей, як Мікалай Лаўранюк, якія з прычыны рэлігійных поглядаў не памянялі пашпарт, і не атрымлівалі пенсію, – 500 чалавек. З сакавіка ўсе гэтыя людзі змогуць атрымліваць заробленыя імі пенсіі.

^B9CEB24B43152A0706A785DF1EFAF37944F624B8CE3C21652D^pimgpsh_fullsize_distr

Беларускае Радыё Рацыя